ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць рэльеф зямной паверхні, яго паходжанне, узрост, формы і іх памеры. Вылучаюць агульныя геамарфалагічныя карты шырокага (комплекснага) зместу і прыватныя, якія складаюцца па асобных (морфаметрычных, структурна-геамарфалагічных і інш.) прыкметах рэльефу, а таксама спецыяльныя, прызначаныя для вырашэння спец. навуковых ці гасп. задач (напр., пры пошуках асобных радовішчаў карысных выкапняў, пры дарожным будаўніцтве і інш.). Для характарыстыкі рэльефу дна акіянаў і мораў складаюць геамарфалагічныя карты падводнага рэльефу. Марфалогію, дынаміку і паходжанне рэльефу берагавой зоны адлюстроўваюць на геамарфалагічнай карце берагоў. На аснове геамарфалагічных картаў складаюць карты геамарфалагічнага раянавання з паслядоўным падзелам тэр. на геамарфалагічныя краіны, правінцыі, вобласці, раёны.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)